Арышт польскіх лідараў у Прушкаве ў 1945 годзе
30.03.2020
75 гадоў таму, 27 і 28 сакавіка 1945 года, у Прушкаве пад Варшавай НКУС вераломна арыштаваў кіраўнікоў Польскай падпольнай дзяржавы на чале з галоўнакамандуючым Арміі Краёвай – генералам Леапольдам Акуліцкім, пазыўны «Медзведзяня», і віцэ-прэм’ерам Янам Станіславам Янкоўскім.
Пасля Ялцінскай канферэнцыі ў краіне былі спробы дасягнуць пагаднення паміж законнымі польскімі ўладамі і СССР — нават з прызнаннем палажэнняў, якія датычыліся Польшчы і, перш за ўсё, яе межаў. Аднак сустрэча вышэйшых прадстаўнікоў польскага ўрада ў краіне і кіраўніцтва Польскай падпольнай дзяржавы з савецкімі прадстаўнікамі скончылася іх арыштам.
Польскіх лідараў вывезлі ў Маскву, дзе яны ў чэрвені 1945 г. сталі перад савецкім судом, у г.зв. працэсе шаснаццаці. У выніку «паказальнага працэсу» польскія лідары атрымалі адносна мяккія (па савецкіх мерках) прыгаворы: ад 4 месяцаў да 10 гадоў (ген. Л. Акуліцкі), а 3 чалавек апраўдалі. Аднак значэнне гэтага «працэсу» мела значна глыбейшы характар: ён фактычна даказваў «незаконнасць» польскіх улад, якія арганізавалі барацьбу палякаў за свабоду з самага пачатку вайны, а таксама дэманстраваў пазіцыю СССР у адносінах да Польшчы – яе падпарадкаванне ўсходняму суседу і ліквідацыя тых, хто мог бы яму супрацьстаяць.
Ген. Акуліцкі, асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення свабоды, Ян Станіслаў Янкоўскі (дэлегат урада Польшчы ў краіне – 8 гадоў) і Станіслаў Ясюковіч (намеснік дэлегата ўрада Польшчы ў краіне – 5 гадоў) памерлі ў савецкіх турмах, а ветэран польскага сацыялізму К. Пужак (асуджаны на 1,5 года пазбаўлення свабоды) вярнуўся ў «новую Польшчу», дзе зноў быў арыштаваны і памёр у турме ў Равічы ў 1950 г.