Пасланне з нагоды 80-й гадавіны пераўтварэння Саюза ўзброенай барацьбы ў Армію Краёвую
14.02.2022
Паважаныя ветэраны – салдаты Арміі Краёвай!
Паважанае спадарства!
80 год таму, 14 лютага 1942 года, у адпаведнасці з загадам Вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі Польшчы ген. Уладзіслава Сікорскага была створана Армія Краёва. Гэта мела велізарнае сімвалічнае значэнне. Армія Краёва выконвала задачы Саюза ўзброенай барацьбы, створанага ў 1939 годзе для барацьбы з нямецкімі і савецкімі акупантамі. Аднак пераўтварэнне СУБ у АК не было выключна фармальнай зменай назвы. У гэтым рашэнні было нешта значна большае. Важна было падкрэсліць значэнне ўзброеных сіл у Польшчы, якія з гэтага моманту станавіліся подпольным Войскам Польскім.
Армія Краёва была інтэгральнай часткай Узброеных Сіл Польшчы – побач з Узброенымі Сіламі Польшчы на Захадзе і Польскай Арміяй пад камандаваннем ген. Уладзіслава Андэрса, створанай у СССР. Яна павінна была аб’яднаць вайсковыя арганізацыі, якія дзейнічалі, змагаліся за незалежнасць на тэрыторыі Польшчы і прадстаўлялі розныя палітычныя сілы. Большасць гэтых арганізацый падпарадкавалася камандаванню Арміі Краёвай. Такім чынам АК увайшла ў гісторыю як выраз адзінства палякаў у барацьбе за свабоду Радзімы. Аднак дзейнасць АК была, перш за ўсё, бясспрэчным доказам таго, што “яшчэ Польшча не загінула”. Гэта ўвасабляў знак “Польшча змагаецца” – сімвал надзеі на вяртанне свабоды і веры ў канчатковую перамогу.
Мы адзначаем 80-гадавіну стварэння АК як вялікае свята перамогі польскіх узброеных сіл і нашай суверэннай дзяржавы. Свята польскага гонару і гордасці. Свята перамогі – таму што на адвазе і ахвяры салдат Арміі Краёвай грунтуецца сённяшняя незалежная Рэспубліка Польшча.
Мы заўсёды будзем ганарыцца тым, што разам з Польскай Падпольнай Дзяржавай Армія Краёва была сапраўдным феноменам барацьбы з таталітарызмам у перыяд Другой сусветнай вайны. Яна была найбуйнейшай, найлепш арганізаванай, наймацнейшай падпольнай арміяй ва ўсёй акупаванай Еўропе. У перыяд найбольшай баяздольнасці АК налічвала амаль 380 тыс. салдат-добраахвотнікаў, у тым ліку больш за 10 тыс. афіцэраў і 35 тыс. партызанаў у лясных атрадах. Сваю сілу, баяздольнасць і адвагу Армія Краёва даказала падчас акцыі “Бура” і Варшаўскага паўстання. АК стала таксама адлюстраваннем мужнасці і імкнення палякаў да барацьбы, здзейсніўшы шэраг гучных узброеных аперацый, акцый сабатажу і дыверсій. Мы ганарымся ўнёскам Арміі Краёвай у барацьбу саюзнікаў у перамогу над Нацысцкай Германіяй. Асаблівы ўплыў на ход вайны аказалі дасягненні выведкі АК, перш за ўсё, раскрыццё сакрэту вытворчасці нямецкіх крылатых ракет V-1 і V-2. Палова рапартаў выведкі, якія трапілі да саюзнікаў з акупаванай Еўропы, была даслана палякамі.
Ад імя Рэспублікі Польшча я схіляю галаву перад усімі камандзірамі СУБ – АК і ўсімі салдатамі Арміі Краёвай. Перад героямі-патрыётамі, якія з’яўляюцца ўвасабленнем бязмежнай адданасці Радзіме. На службе Незалежнай загінулі 100 тыс. салдат АК, амаль 50 тыс. былі вывезены ў савецкія турмы і лагеры. Мы заўсёды будзем ушаноўваць памяць герояў. Нас заўсёды будуць абавязваць і натхняць подзвігі легендарных удзельнікаў Варшаўскага паўстання, ціхацёмных, Шэрых шэрагаў, партызанаў АК, пакалення Калумбаў, маладых санітарак і кур’ераў.
Хачу выказаць словы глыбокай павагі да ўсіх членаў АК, якія знаходзяцца сярод нас. Вашы прыгожыя біяграфіі і патрыятызм – гэта прыклад для нас. Дзякуй за гатоўнасць да самаахвяравання, годнае выкананне вайсковай прысягі, перажытыя нягоды і пакуты. Мы, сучаснікі, якія нарадзіліся пасля вайны, а таксама пакаленні палякаў, якія прыйдуць пасля нас, вечна будзем у неаплатным даўгу перад героямі АК. Наша павага, наша ўдзячнасць, наш гонар за салдат Арміі Краёвай будуць вечнымі – як важны элемент польскай нацыянальнай ідэнтычнасці, а таксама маральны і грамадзянскі запавет, які вызначае, у чым заключаецца вернасць Радзіме і служэнне свабоднай Польшчы.
Слава салдатам Арміі Краёвай!