In order to ensure the highest quality of our services, we use small files called cookies. When using our website, the cookie files are downloaded onto your device. You can change the settings of your browser at any time. In addition, your use of our website is tantamount to your consent to the processing of your personal data provided by electronic means.
назад

80-я гадавіна пачатку Другой сусветнай вайны

01.09.2019

80 гадоў таму нападзеннем Германіі на Польшчу пачалася Другая сусветная вайна. Раніцай 1 верасня 1939 г. войскі вермахта перайшлі польска-нямецкую мяжу. Польская армія аказвала ўзброенае супраціўленне, чакаючы рэакцыі саюзнікаў. 3 верасня 1939 г. Францыя і Вялікабрытанія аб’явілі вайну Германіі, але не распачалі рэальных ваенных дзеянняў. Трагічны лёс Польшчы быў канчаткова вырашаны 17 верасня 1939 г., калі з Усходу наступленне на Польшу распачаў Савецкі Саюз. Нападзенне Германіі і Савецкага Саюза стала наступствам падпісання дзвюма таталітарнымі дзяржавамі пакта Молатава-Рыбентропа, сакрэтны пратакол да якога ў выніку падзяліў Цэнтральную Еўропу на г.зв. сферы ўплыву.

Heinke He-111

1 верасня 1939 г. у 4:45 нямецкая армія распачала рэалізацыю “Белага плана”. Пад гэтай кодавай назвай хавалася нападзенне на Польшчу на фронце даўжынёй 1600 км. Сімвалам супраціўлення першага дня вайны стаў вайсковы склад на Вестэрплатэ, які польскі атрад абараняў на працягу тыдня. Нямецкія камандзіры выкарысталі ў гэтай кампаніі невядомую дагэтуль тактыку маланкавай вайны (“Blitzkrieg”). У сувязі з колькаснай і тэхналагічнай перавагай нямецкіх войск польскія атрады былі вымушаны адступіць углыб краіны ўжо ў першыя дні вайны. Аднак дзякуючы намаганням польскіх салдат часавыя ўстаноўкі “Белага плана” не былі поўнасцю выкананы.

Злучэнні Войска Польскага аказвалі захопнікам зацятае супраціўленне. Найбуйнейшай бітвай кампаніі стала бітва на Бзуры, якая працягвалася да 22 верасня. Нягледзячы на паразу гэта бітва прымусіла Германію памяняць план дзеянняў і затрымала капітуляцыю Варшавы, якая адбылася 28 верасня 1939 г. Апошнія польскія атрады склалі зброю 6 кастрычніка 1939 г., аднак некаторыя злучэнні працягвалі супраціўляцца і вялі дзеянні супраць захопнікаў. Прыклад – разведвальны атрад Войска Польскага пад камандаваннем маёра Генрыха Дабжанскага “Хубала”, які праіснаваў да сярэдзіны 1940 г.

17 верасня 1939 г. на Польшчу напаў другі сусед – Савецкі Саюз. У момант нападзення савецкіх войск улады Польшчы знаходзіліся на тэрыторыі краіны, а вайсковыя атрады працягвалі змагацца супраць Германіі. Неабходнасць аказваць узброенае супраціўленне на ўсходняй мяжы дадаткова аслабіла Войска Польскае і канчаткова наблізіла паразу ў абарончай вайне 1939 г.

Мэтай як Германіі, так і Савецкага Саюза не быў толькі захоп тэрыторыі Польшчы, але і знішчэнне інтэлігенцыі і паступовы генацыд польскага народа.

У выніку нямецкіх бамбардзіровак ужо ў першыя гадзіны вайны загінула шмат цывільных. Германія паслядоўна рэалізавала таксама план знішчэння польскай інтэлігенцыі ў рамках г.зв. аперацыі “Інтэлігенцыя” і ў рамках “AБ- акцыі” (“Außerordentliche Befriedungsaktion”). На польскіх землях акупанты распачалі масавае знішчэнне жыхароў, якое працягвалася да канца Другой сусветнай вайны ў 1945 г. Германія рэалізавала таксама праграму масавага знішчэння габрэйскага насельніцтва. У адрозненне ад іншых краін Заходняй Еўропы на тэрыторыі акупаванай Польшчы за дапамогу габрэям пагражала смерць.

На тэрыторыі Савецкага Саюза палякі масава траплялі ў турмы, былі дэпартаваны. У лагерах іх прымушалі да нявольніцкай працы, тут панаваў голад, нясцерпныя ўмовы жыцця і антысанітарыя, а таксама пастаянная пагроза з боку крымінальнікаў.

Параза абарончай вайны Польшчы 1939 г. не азначала канца супраціўлення на тэрыторыі краіны і за мяжой. У Польшчы былі створаны структуры самай маштабнай у акупаванай Еўропе падпольнай дзяржавы са сваімі ўзброенымі сіламі, парламентам, судамі і падпольным навучаннем. Войска Польскае адрадзілася таксама ў Францыі і Вялікабрытаніі, прымаючы ўдзел у баях на ўсіх еўрапейскіх і афрыканскіх франтах. Пасля нападзення Германіі на СССР 22 чэрвеня 1941 г. і падпісання пагаднення Сікорскага-Майскага былі створаны Польскія ўзброеныя сілы ў СССР. Палякі значным чынам прычыніліся да перамогі саюзнікаў і заканчэння Другой сусветнай вайны. На жаль, 1945 год не прынёс Польшчы свабоды. Згодна з пастановамі Ялцінскай канферэнцыі яна была падзелена. Ужытая Чэрчылем у Фултане фраза “жалезная заслона” акрэслівала пасляваенны падзел Еўропы і зняволенне Польшчы і іншых краін, якія апынуліся ў сферы савецкага ўплыву. Польшча набыла поўны суверэнітэт толькі пасля 1989 г.

{"register":{"columns":[]}}