Польшча разам з Літвой і Чэхіяй ушаноўвае памяць выдатнага беларускага гуманіста Францыска Скарыны
18.01.2022
20 студзеня 2022 года ў 19:00 у Архікафедральным саборы св. Яна Хрысціцеля ў Варшаве адбудзецца ўрачыстае набажэнства ў інтэнцыі Францыска Скарыны (1490 – 1540), выдатнага беларускага гуманіста, перакладчыка, першадрукара, грамадзяніна Вялікага Княства Літоўскага, падданага Ягелонаў, які таксама займае годнае месца ў гісторыі Каталіцкай Царквы
2022 год быў абвешчаны парламентам Літоўскай Рэспублікі Годам Францыска Скарыны – з нагоды выдання 500 год таму першай друкаванай кнігі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Акрамя Варшавы набажэнствы ў інтэнцыі Скарыны пройдуць у гэты дзень у Вільні, Празе, Мінску, Полацку і Падуі.
Мэта ініцыятывы – нагадаць пра постаць Францыска Скарыны і адначасова падкрэсліць значэнне агульнай спадчыны і культурных сувязей у нашым рэгіёне. Гэта выраз падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці ў яе імкненні пабудаваць назалежную і дэмакратычную дзяржаву. Гэта таксама выраз салідарнасці палякаў, літоўцаў і чэхаў, якія не застаюцца абыякавымі да рэпрэсій з боку рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да нашых суседзяў – як беларускага народа, так і польскай нацыянальнай меншасці. У набажэнствах у Вільні, Празе і Варшаве прымуць удзел прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў.
Да ўдзелу ў набажэнстве ў Архікафедральным саборы ў Варшаве, якое ўзначаліць біскуп Міхал Яноха, зардэчна запрашаем прадстаўнікоў улад, цэркваў, якія ўваходзяць у Польскі экуменічны савет, дыпламатычны корпус, прадстаўнікоў беларускіх эміграцыйных колаў, а таксама польскіх згуртаванняў, якія займаюцца дапамогай Беларусі.
Францыск Скарына адыграў важную ролю ў фарміраванні самасвядомасці беларусаў. Ён быў пачынальнікам беларускага пісьменства, перакладаў кнігі Бібліі са старацаркоўнаславянскай на старабеларускую мову. Скарына вучыўся ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве. Жыў і працаваў у Вільні ў якасці сакратара і асабістага лекара пры двары віленскага біскупа Яна, сына і сакратара караля Жыгімонта І Старога. Актыўна займаўся кнігадрукаваннем у Празе, дзе і памёр.