Варшаўская бітва – перамога Польшчы дзеля свабоды ў Еўропе
15.08.2020
15 жніўня 2020 года мы адзначаем сотую гадавіну Варшаўскай бітвы, якая стала кульмінацыйным момантам польска-бальшавіцкай вайны 1919–1920 гг. і адным з пераломных момантаў у гісторыі Польшчы, Еўропы і свету.
Калі ў 1918 годзе адраджалася незалежная Польшча, яе існаванню пагражала Савецкая Расія, якая прапагавала самавызначэнне народаў, а насамрэч імкнулася гвалтам навязаць свету таталітарную камуністычную ідэалогію. Польшча была першай на шляху да далейшых заваяванняў.
Будучыню не толькі Польшчы, але і ўсёй Еўропы вызначыла ў жніўні 1920 года пераможная для польскіх узброеных сіл Варшаўская бітва, якая азначала паразу Чырвонай Арміі і адначасова спыненне саветызацыі народаў Еўропы шляхам узброеннага пашырэння сусветнай „пралетарскай рэвалюцыі”. Войска Польскае сваёй рашучасцю і паслядоўнасцю, дзякуючу таленту камандавання, выратавала Еўропу ад новага пажару вайны. Страты падчас польска-бальшавіцкай вайны 1919–1920 былі, як на тыя часы, вялікія: 100 тыс. чалавек памерлі, загінулі альбо прапалі, яшчэ столькі ж былі паранены.
Спыненне атакі арміі бальшавікоў на сталіцу Польшчы мела пераломнае значэнне для ўмацавання незалежнай Польшчы і іншых дзяржаў, якія толькі паўсталі ў Цэнтральнай Еўропе. Гэта таксама аддаліла магчымасць парушэння Версальскай сістэмы і дало Еўропе шанс на мірнае міжнароднае суіснаванне.
Варшаўская бітва нясе ўніверсальны пасыл аб неабходнасці супрацьстаяць дыктатурам і эфектыўнасці самаахвярнасці дзеля абароны Радзімы.
Англійскі дыпламат, член місіі саюзнікаў у Варшаве і сведка падзей жніўня 1920 года, лорд Эдгар Вінсент д’Абернон пазней апісаў іх у кнізе „Васямнаццатая вырашальная бітва ў сусветнай гісторыі. Пад Варшавай 1920” (The Eighteenth Decisive Battle of the World. Warsaw, 1920) і пракаментаваў наступным чынам: „У сучаснай гісторыі цывілізацыі няшмат падзей, якія мелі б большае значэнне, чым Варшаўская бітва 1920 года. І разам з тым няма ніводнай, якая была б настолькі недаацэненай”.