In order to ensure the highest quality of our services, we use small files called cookies. When using our website, the cookie files are downloaded onto your device. You can change the settings of your browser at any time. In addition, your use of our website is tantamount to your consent to the processing of your personal data provided by electronic means.
назад

Другая партыя гуманітарнай дапамогі для Беларусі

08.06.2020

Ужо другая партыя гуманітарнай дапамогі з Польшчы для барацьбы з эпідэміяй каранавіруса прыбыла ў пятніцу, 5 чэрвеня, у беларускую сталіцу. Больш за 40 грузавікоў прывезлі ў Мінск маскі, сродкі дэзынфекцыі, лекі і апараты ШВЛ. Іншая частка дапамогі трапіла на Гродзеншчыну.

Другая партыя гуманітарнай дапамогі для Беларусі

“Пра дапамогу і добрасуседства можна шмат гаварыць, але лепш паказваць яе на практыцы”, – сказаў, вітаючы польскі караван, намеснік Пасла Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Марцін Вайцяхоўскі. Разгрузка адбылася ў лагістычным цэнтры беларускіх мытных органаў у Сенніцы пад Мінскам. Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Артур Міхальскі падкрэсліў, што “гэта сур’ёзная дапамога”, разам гэта 300 тон розных рэчаў – абсталявання і сродкаў аховы. “Частка, якая трапіла ў Мінск, будзе распаўсюджана па ўсёй Беларусі, а частка дапамогі ўжо трапіла ў чатыры гарады Гродзенскай вобласці”, – сказаў Міхальскі.

“Дзякуй за чарговы жэст сяброўства і добрасуседства”, – сказаў намеснік міністра аховы здароўя Барыс Андрасюк. Ён дадаў, што на пачатку наступнага тыдня дапамога будзе размеркавана паміж установамі, якія змагаюцца з Covid-19, ва ўсіх рэгіёнах краіны. “Мы вельмі рады, што ў гэты складаны для ўсіх час мы можам дапамагчы”, – падкрэсліў капітан Рафал Саловін з Дзяржаўнай пажарнай службы, які кіраваў транспарціроўкай. Сярод 47 грузавікоў, якія ў пятніцу раніцай прыехалі ў Беларусь, былі транспартныя сродкі пажарнай службы, паліцыі і пагранічнай службы.

Як паведамілі польскія дыпламаты, у арганізацыю гуманітарнай дапамогі быў уключаны дапаможны механізм ЕС, таму што яго структуры Беларусь таксама прасіла дапамагчы. У пастаўцы дапамогі, падрыхтаванай па даручэнні ўраду польскімі дзяржаўнымі органамі, пасрэднікам стаў Фонд міжнароднай дапамогі, а пажарную службу падчас транспарціроўкі падтрымалі паліцыя і пагранічная служба.

Шэсць з 47 грузавікоў паехалі ў Гродна, Шчучын, Ваўкавыск і Ліду, каб перадаць дапамогу мясцовым бальніцам. Караван выехаў з Варшавы ў чацвер, 4 чэрвеня, у другой палове дня. Ва ўрачыстасці перадачы дапамогі прынялі ўдзел кіраўнік Канцылярыі прэм’ер-міністра Міхал Дворчык і намеснік Міністра замежных спраў Павел Яблонскі, a таксама Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча Уладзімір Чушаў.

Першая партыя гуманітарнай дапамогі прыбыла ў Беларусь напрыканцы красавіка. Тады прывезлі сродкі дэзынфекцыі, антысептыкі і хірургічныя маскі, патрэбныя для барацьбы з распаўсюджаннем эпідэміі COVID-19. Дапамагаючы Беларусі ў барацьбе з пандэміяй віруса COVID-19, Польшча паказвае добрасуседскую салідарнасць і выконвае такім чынам абавязацельствы па Дагаворы аб добрасуседстве і дружалюбным супрацоўніцтве, падпісаным паміж Рэспублікай Польшча і Рэспублікай Беларусь у 1992 г.

Фота (10)

{"register":{"columns":[]}}