Ушанаванне памяці герояў паўстання 1863–1864 гг.
22.01.2021
Польскія і літоўскія дыпламаты ў пятніцу, 22 студзеня, ушанавалі памяць герояў паўстання 1863–1864 гг. у 158-ю гадавіну пачатку гэтай падзеі.
У Беларусі адзначылі 158-ю гадавіну пачатку паўстання 1863–1864 гг. Польскія і літоўскія дыпламаты, а таксама прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі ўсклалі кветкі і запалілі лампады ля помніка паўстанцам у н.п. Плябань, які знаходзіцца прыкладна 50 км на поўнач ад Мінска. На старых мясцовых каталіцкіх могілках спачывае пяць удзельнікаў паўстання.
Часовы Павераны ў Справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі сказаў падчас урачыстасці, што паўстанне 1863–1864 гг. – гэта сімвал сумеснай барацьбы палякаў, літоўцаў і беларусаў. „Гэта паўстанне было вельмі важна для нашай сумеснай барацьбы з царскім акупантам за незалежнасць. У даваенны час тут стаяў помнік, усталяваны салдатамі Корпуса аховы памежжа. У 90-я гг. беларускія дэмакраты і грамадскія дзеячы адрамантавалі гэты помнік”, – сказаў Вайцяхоўскі.
Часовы Павераны ў Справах Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Аста Андрыяўскене сказала, што паўстанне 1863–1864 гг. – гэта не толькі падзея, важная для літоўцаў, палякаў і беларусаў. „Дэвіз удзельнікаў паўстання “За нашу і вашу свабоду” сёння актуальны як ніколі. Мы цэнім паўстанцаў і ўсіх, хто змагаецца за свабоду сёння”, – падкрэсліла Андрыяўскене.
Беларускі гісторык Ігар Мельнікаў звярнуў увагу на тое, што паўстанне 1863–1864 гг. займае асаблівае месца ў гісторыі Беларусі. „З гэтага часу – 1863 года – адбываецца працэс фарміравання нацыянальнай самасвядомасці сучасных беларусаў”, – сказаў Ігар Мельнікаў.
У Беларусі знаходзіцца некалькі дзясяткаў мясцін з магіламі і помнікамі ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гг. Гэта паўстанне ў Беларусі называюць паўстаннем Кастуся Каліноўскага па імені яго кіраўніка на землях колішняга Вялікага Княства Літоўскага.