Падвядзенне вынікаў рэалізацыі праграмы “Польская дапамога” ў Беларусі
04.12.2019
Канферэнцыя “Польскае супрацоўніцтва з мэтай развіцця для Беларусі ў 2019 г.” адбылася ў сераду, 4 снежня, у Мінску. Яе мэтай была прэзентацыя вынікаў работы, якая праводзіцца ў фармаце двухбаковых праектаў у Беларусі, абмен вопытам і папулярызацыя праграмы “Польская дапамога”.
У канферэнцыі прынялі ўдзел дырэктар дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Валерый Скакун, Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Іаанна Казана-Вішнявецкая, Пастаянны Прадстаўнік ПРААН у Беларусі Аляксандра Салаўёва, прадстаўнік ЮНІСЕФ у Беларусі Рашэд Мустафа Сарвар. У мерапрыемстве ўдзельнічалі таксама прадстаўнікі міністэрстваў, у т.л. Аляксандр Румак – намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, дыпламатычнага корпуса, мясцовых улад і пазаўрадавага сектара.
Валерый Скакун падкрэсліў, што супрацоўніцтва з Польшчай асабліва важна для Беларусі не толькі таму, што мы суседзі, але і ў сувязі з гістарычнай блізкасцю лёсаў двух народаў. “Адносіны паміж людзьмі, сяброўскія сувязі вызначаюць запыт самога грамадства на далейшае развіццё і паглыбленне добрасуседства”, – дадаў ён. “Супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Польшча ў гуманітарнай сферы таксама паступова набірае абароты ў сваім развіцці. Калі на пачатку гэтай пяцігодкі аб’ёмы выдзеленых сродкаў складалі каля 400 тыс. еўра, то ўжо ў 2018 паступленні склалі каля 900 тыс. еўра, станоўчая дынаміка захоўваецца і ў 2019 г. Пасольства Польшчы ў Беларусі рэалізуе сацыяльныя праекты, накіраваныя, перш за ўсё, на сацыяльную інтэграцыю інвалідаў, мадэрнізацыю матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў сацыяльнай абароны, адукацыі і спорту”, – падкрэсліў В. Скакун. “Са сродкаў бязвыплатнай дапамогі рэалізуюцца не толькі сацыяльныя праекты, але і праекты ў галіне прадпрымальніцтва, экалогіі і іншых сферах. У рамках двухбаковага супрацоўніцтва рэалізаваны дзясяткі праектаў і кожны з іх унікальны па-свойму”, – працягваў Скакун. У гэтым годзе Пасольства Рэспублікі Польшча ў рамках гуманітарнага супрацоўніцтва падтрымала праекты на агульную суму 1 млн еўра. “Перакананы, што сумеснымі намаганнямі мы павялічым дасягнутыя пазіцыі, а 2020 год стане годам рэалізацыі новых планаў і ідэй, паглыблення партнёрскіх адносін і рэалізацыі нявыкарыстанага патэнцыялу паміж нашымі краінамі”, – сказаў на заканчэнне дырэктар.
У наступных выступленнях прадстаўнікі міжнародных арганізацый (ПРААН і ЮНІСЕФ) прадставілі вынікі рэалізаваных у гэтым годзе праектаў, сярод якіх асноўныя – гэта спартыўна-забаўляльная пляцоўка ў Брэсце і інклюзіўная веладарожка ў Лідзе. Пасля былі прадстаўлены праекты, накіраваныя на падтрымку дзяцей і моладзі, праект па пашырэнні дзейнасці сацыяльнага прадпрыемства “Баркас”, а таксама праект па стварэнні інтэграцыйнай дзяцячай пляцоўкі ў Віцебску. На канферэнцыі дырэктар “Карытас Польшча” і дырэктар “Карытас Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі” падвялі вынікі трохгадовай праектнай дзейнасці па стварэнні ў Беларусі інтэграцыйных пакояў для дзяцей.
Падчас канферэнцыі прадстаўнікі польскага і беларускага бакоў прадставілі вынікі двухбаковых праектаў па падтрымцы прадпрымальніцтва ў Беларусі. Прадстаўленыя праекты датычыліся трохгадовага супрацоўніцтва па развіцці кластарнай сістэмы ў Беларусі ў супрацоўніцтве з Падляшскім фондам рэгіянальнага развіцця, зялёнай эканомікі – падтрымкі чатырох прадпрыемстваў сумесна з Фондам “Усход”. Быў таксама прадстаўлены праект па стварэнні велатрасы “August Velo” на Гродзеншчыне, які рэалізаваў Саюз сельскіх гмін Падляшскага ваяводства як вынік плённага супрацоўніцтва паміж бакамі з мэтай развіцця прадпрымальніцтва ў сферы трансгранічнага турызму.
Усяго у 2019 г. на тэрыторыі Беларусі ў рамках праграмы “Польская дапамога” рэалізавана 20 праектаў на суму 2,2 млн еўра. Гэта двухбаковыя праекты польскіх пазаўрадавых арганізацый, органаў самакіравання і Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый (ПРААН і ЮНІСЕФ), якія рэалізуюцца сумесна з беларускімі арганізацыямі-партнёрамі ў дзвюх сферах: сацыяльнай – у адпаведнасці з прыярытэтам узмацнення чалавечага капіталу, і эканамічнай – з мэтай падтрымкі прадпрымальніцтва і прыватнага сектара.
У канцы канферэнцыі адбылося ўрачыстае падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве ў рамках праграмы “Польская дапамога” для Беларусі з удзелам Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь паміж Дэпартаментам па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь i Пасольствам Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь.