In order to ensure the highest quality of our services, we use small files called cookies. When using our website, the cookie files are downloaded onto your device. You can change the settings of your browser at any time. In addition, your use of our website is tantamount to your consent to the processing of your personal data provided by electronic means.
назад

Польшча падтрымлівае глабальную барацьбу з пандэміяй COVID-19

30.03.2020

Польшча адгукнулася на заклік Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і падтрымала Цэнтральны фонд рэагавання на надзвычайныя сітуацыі (CERF) Упраўлення па каардынацыі гуманітарных пытанняў (UN OCHA) сумай у памеры 1 млн злотых.

COVID-19

У гэту хвіліну свет стаіць перад абліччам пагрозы здароўю ў небывалых маштабах. Вірус COVID-19 актыўна распаўсюджваецца, колькасць людзей, якія заразіліся, і колькасць памерлых расце вельмі хутка. Як у развітых, так і ў менш развітых краінах сістэма аховы здароўя, эканоміка і штодзённае жыццё сутыкнуліся з выпрабаваннямі.

 

Незалежна ад эканамічнага становішча краіны наступствы пандэміі найбольш адчуваюць самыя бездапаможныя людзі. Асабліва людзі сталага ўзросту і людзі з хранічнымі хваробамі, а таксама людзі, у якіх няма доступу да належнай медыцынскай дапамогі, і людзі, якія жывуць у зонах канфліктаў.

 

Каб зменшыць распаўсюджанне інфекцыі, пазбегнуць новых заражэнняў і выратаваць жыццё, неабходна прыняць сумесныя нацыянальныя і міжнародныя меры. 23 сакавіка 2020 года генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрэш заклікаў да глабальнага перамір'я: “Давайце натхняцца ўтворанымі саюзамі і дыялогам паміж рознымі бакамі – паступова ён набывае форму, каб распрацаваць агульны падыход да віруса COVID-19, але мы павінны зрабіць значна больш. Давайце скончым войны і пераможам хваробу, якая знішчае наш свет”.

 

Пандэмія COVID-19 стварыла чарговыя выклікі і гуманітарныя патрэбы ў гэтай вельмі складанай аператыўнай сітуацыі. Таму 25 сакавіка 2020 года Арганізацыя Аб’яднаных Нацый распачала рэалізацыю глабальных мер гуманітарнага рэагавання і выдзеліла 2 млрд долараў ЗША на барацьбу з вірусам.

 

26 сакавіка 2020 года адбылася міжнародная відэаканферэнцыя на высокім узроўні, якой пакіраваў Марк Локак, намеснік генеральнага сакратара па гуманітарных пытаннях і каардынатар надзвычайнай дапамогі, а таксама доктар Майк Раян, выканаўчы дырэктар праграмы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па надзвычайных сітуацыях (Executive Director Health Emergencies Programme WHO). Удзельнікі канферэнцыі падкрэслілі сур’ёзнасць сітуацыі, а таксама неабходнасць агульнай і хуткай рэакцыі. Марк Локак сказаў: “Калі б мы пакінулі самыя бедныя і безабаронныя краіны на волю лёсу, гэта было б занадта жорстка і неразважліва. Калі б мы пакінулі каранавірус, каб ён свабодна распаўсюджваўся ў гэтых месцах, мы прымусілі б рызыкаваць мільёны людзей, цэлыя рэгіёны патанулі б у хаосе, а вірус атрымаў бы магчымасць распаўсюджвацца па ўсім свеце”. Многія ахвяравальнікі звярталі ўвагу на неабходнасць скарэкціраваць планы на 2020 год з улікам магчымасці іх здзяйснення і новых патрэб. Удзельнікі канферэнцыі падкрэслілі адносна грошай, вызначаных на барацьбу з пандэміяй, што гэта дадатковыя сродкі, без памяншэння раней размеркаваных сродкаў, у першую чаргу на гуманітарную дапамогу і для груп, якім найбольш пагражае заражэнне вірусам.

 

Па запрашэнні арганізатараў у відэаканферэнцыі прыняў удзел Павел Яблонскі, намеснік міністра замежных спраў Польшчы. Польшча заняла актыўную пазіцыю перад абліччам выпрабаванняў. “Мы не забываем пра краіны, якія знаходзяцца ў складанай гуманітарнай сітуацыі і найбольш патрабуюць дапамогі ў барацьбе з пандэміяй COVID-19”, – сказаў Яблонскі. У адказ на заклік Упраўлення па каардынацыі гуманітарных пытанняў Польшча падтрымала Цэнтральны фонд рэагавання на надзвычайныя сітуацыі і добраахвотна перадала фонду суму ў памеры 1 млн злотых, пра што паведаміў намеснік міністра замежных спраў Яблонскі падчас тэлеканферэнцыі з Упраўленнем па каардынацыі гуманітарных пытанняў і Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя. Гэтыя сродкі былі афіцыйна прынятыя 26 сакавіка 2020 года як дадатковы польскі ўзнос на абмежаванне наступстваў пандэміі COVID-19. Гэта праяўленне салідарнасці Польшчы як надзейнага і паслядоўнага ахвяравальніка ў структурах Упраўлення па каардынацыі гуманітарных пытанняў.

 

Сродкі Цэнтральнага фонда рэагавання на надзвычайныя сітуацыі, выдзеленыя на барацьбу з пандэміяй, будуць скіраваны між іншым на дастаўку неабходнага лабараторнага абсталявання для правядзення тэстаў на каранавірус і медыцынскага абсталявання для лячэння людзей, устаноўку кранаў, дзякуючы якім можна будзе мыць рукі ў лагерах і сялібах, а таксама на правядзенне інфармацыйных кампаній на тэму, як абараніць сябе і іншых ад віруса.

{"register":{"columns":[]}}