In order to ensure the highest quality of our services, we use small files called cookies. When using our website, the cookie files are downloaded onto your device. You can change the settings of your browser at any time. In addition, your use of our website is tantamount to your consent to the processing of your personal data provided by electronic means.
назад

ПРАЎДА, ЯКАЯ НЕ МОЖА ЗАГІНУЦЬ

23.01.2020

Прэзідэнт Польшчы пра 75-ю гадавіну вызвалення нямецкага нацысцкага лагера смерці “Аўшвіц”

Prezydent RP

Дваццаць сёмага студзеня 1945 года савецкія салдаты вызвалілі нямецкі нацысцкі лагер смерці “Аўшвіц”. Тое, што яны там убачылі, да сённяшняга дня выклікае пачуццё неймавернага жаху і абсалютнага маральнага асуджэння. 

Свабоду тады атрымалі амаль 7 тысяч зняволеных. Раней, 17–21 студзеня, з канцэнтрацыйнага лагера “Аўшвіц” і яго філіялаў было выведзена каля 56 тысяч вязняў, якія ў знясільваючым маршы смерці адправіліся ўглыб Трэцяга рэйха. У лагеры засталіся людзі-цені, назаўсёды скалечаныя страшэннымі фізічнымі і псіхічнымі катаваннямі. Яны цудам перажылі нечалавечыя ўмовы, голад, холад, хваробы, непасільную працу, бязлітаснае біццё і цкаванне сабакамі, крыкі і лаянкі катаў. Некаторыя сталі ахвярамі злачынных медыцынскіх эксперыментаў. Яны штодзень назіралі смерць сваіх таварышаў па няшчасці: мужчын, жанчын, старых, інвалідаў і дзяцей. Яны былі сведкамі шматлікіх экзекуцый – у тым ліку такіх, якія эсэсаўцы праводзілі дзеля жорсткай забавы. Частка вязняў вымушана была пераносіць трупы забітых у газавых камерах, а таксама спальваць іх у крэматорыях. Усведамляючы пры гэтым, што іх таксама чакае такі лёс. 

Гэта толькі кароткае апісанне пекла на зямлі, якім быў канцэнтрацыйны лагер “Аўшвіц”, – месца, у якім было забіта больш за мільён габрэяў, а таксама тысячы людзей іншых нацыянальнасцей, у т.л. палякаў, цыган, сінці і ваеннапалонных Чырвонай Арміі. Такі ж лёс сустрэў мільёны габрэяў, забітых у іншых нямецкіх нацысцкіх лагерах смерці: у Трэблінцы, Сабіборы, Белжацы, Кульмгофе, Штутгафе і дзясятках іншых. Улады Трэцяга рэйха запланавалі і рэалізавалі канчатковае знішчэнне габрэйскага народа. Таму была створана сетка лагераў, якія дзейнічалі як сапраўдныя “фабрыкі смерці”. Тут забойствы былі арганізаваны, як прамысловая вытворчасць, – сотнямі і тысячамі, эфектыўна, з улікам тэрмінаў і коштаў транспарту, з падрабязнай дакументацыяй. Такой радыкальнай бесчалавечнасці і прыніжэння мільёнаў нявінных людзей ніколі раней не было. 

Пра гэта складана пісаць, чытаць, гаварыць... У біблейскай Кнізе Эклезіяста ёсць такія словы: “У вялікай мудрасці шмат пакут, і хто памнажае веды, памнажае гора”. Аднак неабходна рабіць гэту няпростую справу. Трэба перадаваць гэтыя веды наступным пакаленням. Нават цаной пакут, якія яны прыносяць. Будучыню свету мы павінны фарміраваць, абапіраючыся на глыбокае разуменне таго, што 75 год таму адбылося ў сэрцы Еўропы і пра што надалей расказваюць сведкі. Няхай вечным папярэджаннем будзе таксама тое, што здарылася з народам нашчадкаў Лейбніца, Гётэ, Шылера і Баха, калі ён быў інфіцыраваны  вірусам імперскай высакамернасці і расісцкай пагарды. Мы таксама не павінны забываць пра тое, што апошнім вырашальным крокам да пачатку Другой сусветнай вайны – без якой не было б трагедыі Халакосту – з’яўляецца пагадненне паміж Гітлерам і Сталіным ад 23 жніўня 1939 года. Яно прадугледжвала пазбаўленне свабоды і суверэнітэту дзяржаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а распачатае тады цеснае супрацоўніцтва паміж двума таталітарнымі рэжымамі працягвалася да апошніх гадзін перад нечаканым нападам гітлераўскай Германіі на СССР 22 чэрвеня 1941 года. 

Праўда пра Халакост не можа загінуць. Яе нельга скажаць і пераўтвараць у інструмент уласных мэт. Дзеля святой памяці пра знішчэнне габрэяў, а таксама павагі да іншых ахвяр  таталітарных рэжымаў ХХ стагоддзя мы не можам і не будзем гэта цярпець. Мы не перастанем прыкладаць намаганні, каб свет помніў пра гэта злачынства. І каб нічога падобнага ніколі больш не паўтарылася.

Місію раскрыцця праўды пра Халакост і падтрымкі габрэяў, якім пагражала знішчэнне, вельмі рана ўзяў на сябе польскі падпольны рух. Створаная на нашай акупаванай тэрыторыі Польская падпольная дзяржава старалася абараняць усіх, хто яшчэ зусім нядаўна быў грамадзянінам незалежнай Польшчы. У верасні 1940 года афіцэр Войска Польскага Вітальд Пілецкі, які дзейнічаў па ўзгадненні з падпольнымі ўладамі, свядома аказаўся вязнем канцлагера “Аўшвіц”. Ён уцёк у красавіку 1943 года, а пасля падаў рапарт пра тое, што там адбывалася. Вось яго фрагмент: „Хворых [на тыф], непрытомных і амаль здаровых (...) загрузілі ў аўтамабілі і вывезлі (...) у газавыя камеры. (...) Адзін васьмігадовы хлопчык прасіў эсэсаўца, каб ён не чапаў яго. Ён стаў перад ім на калені. Эсэсавец ударыў яго ў жывот і кінуў у аўтамабіль як шчаня”. Таксама Ян Карскі, пасланнік польскага кіраўніцтва ў эміграцыі, на ўласныя вочы бачыў жахлівыя рэчы, якія адбываліся ў Варшаўскім гета і нямецкім перавалачным лагеры ў Ізбіцы. Ён падрыхтаваў мемарандум аб нямецкім сістэмным знішчэнні габрэяў. Са снежня 1942 года ён прадстаўляў яго грамадскім лідарам і прадстаўнікам вышэйшых улад дзяржаў-саюзнікаў. Раней генерал Уладзіслаў Сікорскі, прэм’ер-міністр польскага ўрада ў Лондане, накіраваў саюзнікам ноту, зацверджаную падчас пасяджэння Савета Міністраў 6 чэрвеня 1942 года. У ёй генерал дакладваў: „...знішчэнне габрэйскага насельніцтва адбываецца ў неверагодных маштабах. У такіх гарадах, як Вільня, Львоў, Каламыя, Станіславаў, Люблін, Жэшаў, Мехаў, забіваюць дзясяткі тысяч габрэяў. У Варшаўскім і Кракаўскім гета гестапа штодзень здзяйсняе масавыя экзекуцыі. (...) Габрэі ў Польшчы перажываюць самы жудасны пераслед за ўсю сваю гісторыю”.

Адначасова Польская падпольная дзяржава стварыла Савет дапамогі габрэям пры Дэлегатуры Урада Польшчы на Радзіме. Дзякуючы яму каля 50 тысяч чалавек атрымала дакументы, прытулак, грошы і медыцынскую дапамогу. Польскія дыпламаты арганізоўвалі перапраўку габрэяў на непадкантрольныя нацысцкай Германіі тэрыторыі. Значная частка габрэяў, выратаваных ад Халакосту, была абавязана жыццём тысячам польскіх Праведнікаў народаў свету. У нашых сямейных аповедах, у гістарычных дакументах і літаратурных творах жыве памяць пра многіх людзей габрэйскага паходжання, якіх хавалі на гарышчах, у падвалах і адрынах. Пра тое, як давалі габрэям-уцекачам сціплую ежу і паказвалі бяспечную дарогу для ўцёкаў. Пры гэтым трэба памятаць, што ў Польшчы за такую дапамогу нямецкія акупанты каралі смерцю. Сярод мільёнаў палякаў былі і тыя, што маглі дапамагчы габрэям, якія хаваліся, але не былі ў стане перамагчы страх за ўласнае жыццё і жыццё сваіх блізкіх. Былі і такія, што па нізкіх прычынах выдавалі габрэяў нямецкім акупацыйным уладам або паводзілі сябе з імі самым ганебным чынам. У вельмі сумных абставінах таго часу правасуддзе Польскай падпольнай дзяржавы прымала рашэнні і карала смерцю такіх злачынцаў.

Пабудаваныя ў акупаванай Польшчы нямецкія нацысцкія канцэнтрацыйныя лагеры былі і да сённяшняга дня з’яўляюцца для нас невыносным прыніжэннем. Яны супярэчаць нашай тысячагадовай культуры і гісторыі, польскаму духу свабоды, талерантнасці і салідарнасці. Генацыд габрэяў, хоць ён адбываўся на тэрыторыі амаль усёй Еўропы, быў асабліва моцным ударам па польскай дзяржаве, шматканфесійнай і шматнацыянальнай на працягу стагоддзяў. Габрэйская супольнасць у даваеннай Польшчы была самай шматлікай за ўсю гісторыю існавання гэтага народа. З 6 мільёнаў грамадзян Польшчы, якія загінулі ў перыяд Другой сусветнай вайны (гэта адна пятая ўсяго насельніцтва), ажно 3 мільёны складалі польскія габрэі. Гэта яны былі найбольшай групай ахвяр Халакосту. Габрэйская супольнасць, што жыла і развівалася на нашай тэрыторыі на працягу амаль дзесяці стагоддзяў, за некалькі гадоў амаль цалкам знікла. Польшча страціла тысячы габрэйскіх дзеячаў культуры, даследчыкаў, дактароў, юрыстаў і чыноўнікаў, прадпрымальнікаў, рамеснікаў, купцоў і іншых аўтарытэтных спецыялістаў. Сярод забітых былі жонкі і мужы, сябры, суседзі і калегі людзей, якія не мелі габрэйскага паходжання. У нашых гарадах жыве памяць пра пакуты габрэяў, якіх нямецкія акупанты трымалі ў кварталах-турмах, якімі былі гета. Толькі адзінкавыя даваенныя сінагогі сёння служаць малітоўнымі дамамі. 
У захаваных будынках габрэйскіх рэлігійных школ і рытуальных лазняў больш не гучаць ідзіш і іўрыт. На тэрыторыі сучаснай Польшчы знаходзіцца каля 1200 ідэнтыфікаваных габрэйскіх могілак, але магіл, якія там знаходзяцца, ужо няма каму наведваць. Незваротна знішчаны габрэйскія творы мастацтва і рамёстваў, старажытныя кнігі, друкаваныя творы і рукапісы вучоных, пісьменнікаў і кампазітараў. 

Гісторыю габрэяў у Польшчы і іх знішчанага свету мы расказваем сёння праз публікацыі і навуковыя канферэнцыі, фестывалі, выставы, канцэрты і помнікі, у рамках дзейнасці дзяржаўных навуковых устаноў і ўстаноў культуры, такіх, як музеі, тэатры, архівы і бібліятэкі. Паступова адраджаюцца габрэйскія рэлігійныя абшчыны, грамадскія арганізацыі, выдавецтвы і часопісы. Мы падтрымліваем гэту дзейнасць, таму што ў аповедзе пра польскіх габрэяў і іх пакуты апошняе слова не можа застацца за нямецкім нацызмам.

Увекавечанне трагедыі, якой было знішчэнне габрэяў, павінна быць важным і трывалым элементам адукацыі дзеля міру. Аповедам, які пранікае ў сэрцы людзей, знішчае бар’еры прадузятасці, падзелаў і нянавісці. Урокам таго, як выказаць зразуменне і дапамагчы тым, каго лёс не шкадаваў.  

У такім ключы мы будзем адзначаць Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту. Згодна з рашэннем Генеральнай Асамблеі ААН на працягу 15 год ён прыпадае на дзень вызвалення канцлагера “Аўшвіц”. Таму праз чатыры дні, на тэрыторыі польскага Дзяржаўнага музея Аўшвіц-Біркенау – там, дзе развеяны прах больш за мільён ахвяр Халакосту, – мы сустрэнемся з лідарамі і высокімі прадстаўнікамі дзяржаў з усяго свету. З намі будуць і тыя, хто ацалеў. У 75-ю гадавіну сімвалічнага заканчэння генацыду мы падтрымаем праўду. Мы супольна заклічам да міру, справядлівасці і павагі паміж народамі.  

Вечная памяць і пашана забітым у канцлагеры “Аўшвіц”!
Вечная памяць і пашана ахвярам Халакосту!

Фота Канцылярыя Прэзідэнта

{"register":{"columns":[]}}