Гадавіна польскага Жніўня ў Мінску
31.08.2020
„40 год таму ў Польшчы перамагла філасофія дыялогу – было падпісана гданьскае пагадненне. Перамагла Салідарнасць – сіла, якая вярнула польскаму народу годнасць, змяніла аблічча Польшчы і выклікала лавіну вызваленчых змен у Цэнтральнай Еўропе”, – сказаў Пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі, вітаючы гасцей на святкаванні 40-й гадавіны падпісання жнівеньскіх пагадненняў.
Дата 31 жніўня 1980 г. надзвычай важная ў гісторыі Польшчы і Еўропы. Падпісаныя ў гэты дзень жнівеньскія пагадненні прычыніліся да ўтварэння Незалежнага самакіравальнага прафсаюза „Салідарнасць”. Гэтыя дзве падзеі распачалі працэс падзення камунізму і паклалі канец падзелу свету перыяду халоднай вайны.
31 жніўня 2020 г. прадстаўнікі беларускіх пазаўрадавых арганізацый і рэлігійных аб’яднанняў, якія прыехалі ў рэзідэнцыю Пасла Польшчы ў Беларусі, успаміналі падзеі, што адбываліся 40 год таму. „Польскі Жнівень – гэта час змагання народа за годнасць, свабоду і праўду, час дыялогу паміж уладамі і грамадствам”, – сказаў у сваёй прамове пасол. –„Народ трэба слухаць”, – падкрэсліў пасол.