In order to ensure the highest quality of our services, we use small files called cookies. When using our website, the cookie files are downloaded onto your device. You can change the settings of your browser at any time. In addition, your use of our website is tantamount to your consent to the processing of your personal data provided by electronic means.
назад

Сустрэча з блізкімі салдат 2-га Польскага корпуса

20.01.2020

Блізкія салдат 2-га Польскага корпуса, якія паходзілі з тэрыторыі сучаснай Беларусі, сустрэліся ў суботу, 18 студзеня, у рэзідэнцыі Пасла Польшчы Артура Міхальскага. У сустрэчы ўдзельнічала Пасол Вялікабрытаніі Жаклін Перкінс, а таксама брытанскі і польскі вайсковыя аташэ. Салдат Арміі Андэрса, якія вярнуліся ў Беларусь пасля вайны, пераследавалі і цэлымі сем’ямі ссылалі ў Сібір.

Сустрэча з блізкімі салдат 2-га Польскага корпуса

Як падкрэсліў Пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі, сустрэча стала нагодай для інтэграцыі асяроддзя нашчадкаў салдат Арміі Андэрса, якія жывуць у Беларусі. Прысутныя ўшанавалі памяць людзей, якіх пераследавалі, якія на працягу дзесяцігоддзяў былі забыты, а яны былі героямі Другой сусветнай вайны. „Час вярнуць памяць пра іх”, – сказаў Пасол Міхальскі. „Пасля нападу ў 1939 годзе і прызыву ў польскую армію яны пайшлі ваяваць з Гітлерам. Многія з іх пазней трапілі ў савецкія лагеры і турмы. Пасля амністыі ў 1941 годзе яны далучыліся да Арміі генерала Уладзіслава Андэрса, з якой пад брытанскім камандаваннем вельмі многія прайшлі ўвесь баявы шлях”, – дадаў дыпламат. Як адзначыў Пасол, тыя, хто вярнуўся пасля вайны на радзіму ў Беларусь, ужо занятую савецкімі ўладамі, чарговы раз сталі ахвярамі рэпрэсій. За службу ў замежнай арміі іх цэлымі сем’ямі ссылалі ў Сібір, на працягу многіх гадоў пра іх не гаварылі, іх не лічылі ветэранамі.

Пасол Вялікабрытаніі ўручыла спадарыням Антаніне і Ніне чатыры брытанскія медалі іх бацькі – сяржанта Васіля Лявончыка: Зорку „1939-1945”, Зорку Італіі, Медаль вайны 1939-1945 і Медаль абароны. Раней пасмяротна ён атрымаў польскі Крыж Монтэ-Касіна. Лявончык нарадзіўся ў 1911 годзе, прызваны ў армію ў 1939 годзе, змагаўся ў Вераснёвай кампаніі. Пазней трапіў у савецкі палон і лагер. У 1941 годзе папаў пад амністыю, далучыўся да Арміі Андэрса. Служыў у 4-м батальёне Карпацкіх стральцоў 2-га Польскага корпуса (у складзе 8-й Брытанскай арміі), ваяваў у Італіі, дзе ўдзельнічаў у бітве пад Монтэ-Касіна. У 1947 годзе вярнуўся на малую радзіму на тэрыторыі СССР, а ў 1951 годзе разам з сям’ёй быў сасланы ў Сібір.

На сустрэчы ў мундзіры салдата Арміі Андэрса прысутнічаў к. гіст. н. Ігар Мельнікаў, які даследуе гісторыю 2-га корпуса. У сваім выступленні ён падкрэсліў, што гісторыя Арміі Андэрса, а таксама салдат, якія ваявалі ў яе складзе, усё яшчэ мала вядома ў Беларусі. „Яе трэба паказваць, згадваць, перш за ўсё, праз гісторыі, лёсы людзей, якія прайшлі праз 1939 год, рэпрэсіі, дэпартацыі”, – сказаў гісторык. І падкрэсліў, што мундзіры Арміі Андэрса насілі не толькі палякі, але і беларусы. „Беларускія салдаты ў 2-м Польскім корпусе – гэта неад’емная і вельмі важная частка гісторыі Беларусі, пра якую трэба гаварыць. З яе таксама трэба рабіць вывады”, – дадаў Мельнікаў.

{"register":{"columns":[]}}