XI Форум польскіх інвестараў у Беларусі
11.12.2019
Польскія і беларускія бізнесмены ў сераду, 11 снежня, у Мінску падчас XI Форуму польскіх інвестараў у Беларусі гаварылі аб росце зацікаўленасці супрацоўніцтвам, высокім узроўні інвестыцый і павелічэнні ганлёвага абароту, які ў гэтым годзе, па падліках, перавысіў 3 млрд долараў ЗША.
„Мы рады, што польскія фірмы заўсёды, нягледзячы на ўзнікаючыя эканамічныя і палітычныя праблемы, заўсёды цікавіліся беларускім рынкам”, – сказаў падчас сустрэчы Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі Уладзімір Калтовіч, які адначасова з’яўляецца сустаршынёй Сумеснай Польска-Беларускай камісіі па пытаннях эканамічнага супрацоўніцтва.
На думку Пасла Польшчы ў Беларусі Артура Міхальскага, рост зацікаўленасці супрацоўніцтвам пацвярджае той факт, што з кожным годам ў форуме інвестараў удзельнічае ўсё больш бізнесменаў. „У гэтым годзе больш за 230 удзельнікаў”, – сказаў А. Міхальскі. Дыпламат падкрэсліў, што не ўсё складваецца ідэальна, у некаторых кампаній узнікаюць праблемы, але вядзецца дыялог па іх вырашэнні. У сваю чаргу У. Калтовіч падкрэсліў, што хоць дзве краіны ўваходзяць у розныя інтэграцыйныя блокі (Польшча ў ЕС, а Беларусь у Еўразійскі эканамічны саюз), супрацоўніцтва неабходна развіваць, каб павялічваць карысць для абодвух бакоў. Міністр запэўніў, што галоўная мэта Беларусі сёння – „пабудаваць сучасную рыначную эканоміку”, у якой важнае месца будуць займаць новыя тэхналогіі і канкурэнтаздольнасць. „Мы хочам гэтага дасягнуць, супрацоўнічаючы з замежнымі партнёрамі, асабліва з бліжэйшымі суседзямі”, – сказаў міністр і дадаў, што Польшча ў мінулым годзе заняла 4-е месца сярод найбольш важных інвестараў у Беларусі пасля Расіі, Вялікабрытаніі і Кіпра.
На працягу апошніх некалькіх гадоў стабільна павялічваецца гандлёвы абарот паміж Польшчай і Беларуссю. „За першыя 9 месяцаў гэтага года ён склаў 2,4 млрд долараў ЗША, а на канец года мы чакаем абароту на ўзроўні 3 млрд долараў ЗША. У гэтым годзе да верасня рост ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года склаў каля 5%”, – сказаў М. Таўбер. І падкрэсліў, што ў структуры польскага экспарту тавараў у Беларусь пераважаюць „электратавары, прадукты расліннага паходжання, вялікі працэнт складае таксама тэкстыльная прадукцыя”. „Канечне, важны элемент – прадукты харчавання, усё больш польскіх прадуктаў трапляе на беларускія паліцы, асабліва малочных вырабаў”, – удакладніў М. Таўбер.
У Беларусі Польшча купляе пераважна нафтапрадукты, прадукцыю дрэваапрацоўкі і прадукцыю, звязаную са сталлю. Намеснік дырэктара дэпартамента гандлю і міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства развіцця Польшчы Артур Дамбкоўскі падкрэсліў, што гэтае нядаўна створанае ведамства „вельмі сур’ёзна адносіцца да эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю”. „Івестыцыі, асабліва паміж суседзямі, – гэта тое, што прычыняецца да росту ганлю”, – падкрэсліў ён. „У наш час просты гандаль, уласна кажучы, заканчваецца. Кожная фірма павінна думаць пра доўгатэрміновае супрацоўніцтва з партнёрамі і наладжванне эканамічных сувязей”, – дадаў Дамбкоўскі.
У гэтым годзе ўдзельнікі форуму засяродзілі ўвагу на такіх сектарах, як лагістыка і транспарт, а таксама дрэваапрацоўка. Задача, якую паставілі перад сабой арганізатары, – наладзіць новыя кантакты паміж суб’ектамі гаспадарання з дзвюх краін, зацікаўленымі развіццём польска-беларускага эканамічнага супрацоўніцтва.